image description
 

Республиканский отряд специального назначения «ЗУБР»

Колькі часу марнуецца на знос старога будынка? ("Звязда")

953

Вядомая прымаўка кажа «ламаць — не будаваць». Праўда, выбухатэхнiкi могуць з ёй паспрачацца. Iх работа патрэбная як для ўзвядзення любога вялiкага будынка, так i для яго бяспечнага зносу. Iнакш асколкi i выбуховая хваля могуць нанесцi значны ўрон пабудовам, транспарту, навакольнаму асяроддзю i людзям побач.


Раз-пораз у сецiва трапляюць вiдэакадры зносу чарговай непатрэбнай воданапорнай вежы цi закiнутага будынка. Але, як прызнаецца начальнiк Цэнтра выбухова-тэхнiчнай службы Рэспублiканскага атрада спецыяльнага прызначэння Мiнiстэрства па надзвычайных сiтуацыях Аляксандр Кутасiн, за хвiлiнай эфектнага вiдэа часам стаяць гадзiны напружаных разлiкаў i перыядычная праца на вучэбна-трэнiровачным палiгоне.

— Быў час, калi даводзiлася ездзiць у службовыя камандзiроўкi па сем месяцаў за год. Пэўна, не засталося ў краiне нiводнага раёна, дзе б мы не пабывалi. А работы для нас вельмi шмат. З савецкiх часоў засталося мноства пабудоў i канструкцый, якiя па розных прычынах былi закiнутыя. Гэта ж колiшнiя воiнскiя часцi, карпусы прадпрыемстваў, дымавыя трубы, кацельныя, воданапорныя вежы, вясковыя клубы... Яны ператварылiся ў аб'екты павышанай небяспекi. Акрамя таго, там нярэдка разбураюцца сцены. «Дапамагаюць» у гэтым як умовы надвор'я, так i мясцовыя жыхары, якiя нярэдка разбiраюць старыя дамы на будаўнiчыя матэрыялы. А фiнал у такiх рэшткаў адзiны — абрушэнне. Вось наша служба i займаецца фактычна iмгненным ператварэннем такiх небяспечных будынкаў у кучу будаўнiчага матэрыялу, якi не ўяўляе нiякай пагрозы.

Як гэта нi парадаксальна, але правiльны знос старой канструкцыi пры дапамозе выбуху — бадай што, самы бяспечны спосаб. А разам з тым — i аператыўны. Не трэба разбiраць днямi цаглiны зверху ўнiз, праводзiць работы на вышынi. Правiльна падрыхтаваны выбух здольны пакласцi будынак у зададзеным кiрунку. Для таго, каб усё карэктна разлiчыць, неабходна распрацаваць праект. У iм улiчваецца ўсё — адлегласць да суседнiх будынкаў, маса зарада, яго размяшчэнне, марка бетону, далёкасць разлёту аскепкаў, напрамак выбуховай хвалi...

— Я хачу звярнуць увагу ўладальнiкаў тэрыторый: не трэба даводзiць будынкi на падкантрольнай тэрыторыi да гаротнага стану, — заклiкае Аляксандр Кутасiн. — Можна своечасова прыняць меры, i мы знясём патрэбны аб'ект у спакойным тэмпе, не падвяргаючы рызыцы iншых.

Напрыклад, раз ва Уздзе спецыялiстам давялося экстранна зносiць аварыйную воданапорную вежу. У ёй раптоўна высыпалася частка цаглянай сценкi i ўтварыўся суцэльны праём. А вежа тая знаходзiлася на тэрыторыi бальнiцы. Куды менавiта яна магла ўпасцi — прадвызначыць не мог нiхто. На дапамогу прыйшлi ратавальнiкi.

— А вось калi зносiлi комiн кацельнай у Мазыры, то давялося нават склiкаць пасяджэнне камiсii па надзвычайных сiтуацыях на раённым узроўнi. Вакол той паўразбуранай трубы былi газавая кацельная, падстанцыя. Куды б яна нi ўпала — паўсюль былi б пашкоджаннi. Мы выбралi той кiрунак, якi б нанёс найменшы ўрон. Але мы зрабiлi так, што той комiн «злажыўся» практычна на сябе. Аскепкi амаль не разляцелiся. Чатыры гады канструкцыя была ў аварыйным стане, i ўвесь гэты час не прымалiся нiякiя меры.

Адносна свежы знос — кастрычнiцкi — адбыўся ў Барысаве. Там ратавальнiкам давялося разбурыць старую воданапорную вежу.

— Да нас звярнулася будаўнiчае ўпраўленне. Вежа тая не эксплуатавалася некалькi дзесяцiгоддзяў. Неабходнасць у ёй адпала пасля таго, як было праведзена цэнтральнае водазабеспячэнне. Але часовая пабудова перажыла сваю эпоху на некалькi дзесяцiгоддзяў. Праз тое, што яна не эксплуатавалася, i пад уздзеяннем надвор'я цэментная кладка паступова псавалася. Вышыня вежы была пад 40 метраў. Прычым знаходзiлася яна ў такiм месцы, дзе мог быць нанесены значны ўрон, калi б яна ўпала адвольна. Справа ў тым, што вежа месцiлася на тэрыторыi санаторыя.

Выбухатэхнiкi працуюць не толькi на закiнутых будынках, але i на вадаёмах краiны. Напрыклад, дэмантаж моста праз Прыпяць у Жыткавiцкiм раёне таксама не абышоўся без iх.

— Аварыйны ўчастак быў падарваны з выкарыстаннем больш як тоны выбуховага рэчыва. Гэта была ўнiкальная работа для нас. I лiчу, што мы справiлiся з задачай годна. А ў канцы верасня перад намi была пастаўлена задача знесцi мост у Гомельскiм раёне каля вёскi Бабiчы. Побач са старой пераправай пабудавалi новую, а мы мусiлi акуратна прыбраць ранейшы мост. Адлегласць памiж iмi была ўсяго дзесяць метраў. I першыя дамы былi даволi блiзка — на адлегласцi не больш за 150 метраў. Таму мы прымалi максiмальныя меры бяспекi падчас падрыву. I тут мы зрабiлi так, каб стары мост завалiўся ў процiлеглы бок ад новага.

А вось трэцi аспект работы выбухатэхнiкаў Мiнiстэрства па надзвычайных сiтуацыях апошнiм часам страцiў сваю актуальнасць. I прычына гэтага — змена клiмату. Цёплыя зiмы не спрыяюць таму, каб на рэках утваралася трывалае ледзяное покрыва. Адпаведна, i падрываць там няма чаго.

— Калiсьцi iстотныя праблемы нам стварала Заходняя Дзвiна. Было гэта не так даўно, яшчэ ў пачатку дзесяцiгоддзя. Там узнiкалi магутныя ледзяныя заторы. Праз «плацiну», якую ўтваралi цвёрдыя масы, вада расцякалася на прылеглыя тэрыторыi. Наша задача была гэтыя прыродныя плацiны з iльду падарваць, каб вада спакойна цякла далей.

Пад пiльнай увагай выбухатэхнiкаў знаходзяцца нiзкаводныя масты. Часам бывае так, што гэта адзiная пераправа памiж вёскамi па абодвух берагах невялiчкай ракi. А аб'яздная дарога можа быць i праз некалькi дзясяткаў кiламетраў. Але ледаход уяўляе сабой значную небяспеку для драўляных апор — iх можа проста «зрэзаць» вострымi крыгамi. Таму пры неабходнасцi ратавальнiкi могуць здрабнiць масу лёду так, каб яна прайшла памiж апорамi i iх не пашкодзiла. А цi спатрэбiцца гэта ўменне ўжо будучай зiмой — пакажа час.

Чытаць на сайце.

Будь готов

Другие новости

Закрыть Закрыть Закрыть
Закрыть

Центральный аппарат МЧС

Территориальные управления

Департаменты

Закрыть